Нарадзілася у вёсцы Кулакова Пастаўскага раёна, у 1959 годзе.
З дзяцінства захаплялася хараством навакольнай прыроды, вандруючы па лесе з бацькам — леснiком. Кожная пара года несла свой непаўторны каларыт, на усё жыццё засталіся уражаннi ад сiнечы першых пралесак, урачыстага срэбра зiмовага бору.
Многа малявала, чытала, рыхтавалася да паступлення у Мінскае мастацкае вучылішча iмя Глебава.
Па заканчэннi вучобы працавала настаўніцай чарчэння i малявання у г. Гродна, вяла студыю выяўленчага мастацтва Палаца пiянераў i школьнікаў.
З 1992 года мастачка удзельнічае у выставах як у Беларусi, так i за яе межамі, актыўна працуе на Міжнародных пленэрах, праводзіць майстар-класы па пейзажу i нацюрморту.
Ганна Гадзірава працуе у жанры лiрычнага пейзажу, яе карціны — асаблівы паэтычны сусвет, перапляценне рэалізму i рамантызму. Празрыстасць акварэлі у спалучэнні з насычаным каларытам алейнага жывапісу стварае iндывiдуальны стыль мастачкi, выдзяляючы яе творы з шэрагу iншых.
Карціны з серыі «Зiма на Пастаўшчыне» i веснавыя эцюды Мiнска, створаныя апошнім часам, ляглi у аснову экспазiцыi «Краявіды маёй душы». Захапленне зменлівай прыгажосцю штодзённага жыцця прыроды, вандроўкi з эцюднiкам, успаміны дзяцінства — усё гэта стварае прастору карцiн Ганны Гадзiравай.
Выстава адбылася з 22 лютага па 9 сакавіка 2021 года у галерэi «Універсітэт культуры» Палаца Рэспублікi.